ВЫЦІНАНКА Ў МАСТАЦКА-ЭСТЭТЫЧНЫМ РАЗВІЦЦІ ДАШКОЛЬНІКАЎ.  

Звычайна выцінанка ўспрымаецца намі як від народнага мастацтва, а знаёмства з ёю адбываецца менавіта як з праяўленнем народнай творчасці, цікавяцца ёй часцей этнографы ды мастацтвазнаўцы.
Мая мэта – змяніць гэта ўяўленне аб выцінанцы. Тое, што дае нам традыцыйная беларуская культура – гэта толькі пачатак жыцця і станаўлення гэтага віду мастацтва. Яго магчымасці яшчэ толькі раскрываюцца. Я не буду рабіць гістарычнага агляду з’яўлення і развіцця выцінанкі на Беларусі; не буду спыняцца і на мастацтвазнаўчым падыходзе. Мне хацелася б асвяціць крыху іншы аспект. А дакладней, як праз выцінанку можна ўплываць на мастацка-эстэтычнае развіццё дзяцей садковага ўзросту.

Тое, што было закладзена ў дзяцінстве, дае парасткі і праз шмат гадоў. Таму я і хачу звярнуць увагу на выкарыстанне выцінанкі як сродку выхавання дашкольнікаў.
Маленькі чалавек гэтага ўзросту бачыць сэнс не ў канчатковым выніку, а ў самім працэсе, і для яго больш важкім з’яўляецца не тое як пазначаецца, а тое, што пазначаецца. Ён не можа загадзя прадумаць, прадугледзіць ход нажніц і складванняў, каб адбыўся пэўна малюнак. Дзіця заварожвае сам акт стварэння з нейкіх простых парэзачак чароўнага і непаўторнага дэкору. І ўвесь працэс ператвараецца ў чаканне: зараз я зраблю цуд.
Малюнак выцінанкі ствараецца з простых дзірачак – гэтага патрабуюць уласцівасці скарыстоўваемага матэрыялу (паперы), інструменту (нажніц) і спецыфічная беларуская традыцыя. Дзіця ж пазбягае складанай выявы. Форма спрошчваецца, абагульняецца і выява пераўтвараецца ў характэрны сімвалічны знак. У гэтым вялікая субб’ектыўная каўтоўнасць дзіцячай выцінанкі.
Акрамя таго, дашкольніку недастаткова якясцей аднаго матэрыялу. Як і ў жыцці нічога не сустракаецца ў чыстым выглядзе, так і ў дзіцячай творчасці магчыма спалучэнне розных выяўленчых сродкаў і матэрыялаў. Эклектыка ў дзіцячай выяўленчай дзейнасці з’ява неабходная і цалкам станоўчая. Менавіта праз ужыванне розных матэрыялаў ідзе адбор і выпрацоўваецца густ.
Да таго ж крапатлівасццю і ўседлівасццю адрозніваецца рэдкае дзіця, таму для выяўлення задумы абуджаецца фантазія і ў ход ідуць розныя матэрыялы, якія дапамагаюць мінімальным напружаннем дасягнуць максімальнай выразнасці. Тут ўжо не існуе выцінанкі дзеля выцінанкі. Тут выцінанка становіцца выяўленчым сродкам. Таму можна і дамаляваць алоўкам, можна падставіць колер знізу. Можна наклеіць выцінанку на паперу, можна на тканіну, можна на акно ці на шклянку (а потым наліць у шклянку вады ды насыпаць абрэзкаў фальгі, закрыць крышкай і патрасці... што адбудзецца?.. прыгожа!!!). Усё можна. Паспрабаваў, адчуў і тут пачынаецца творчасць, абуджаецца фантазія. У межах таго, што можна рэалізаваць, ёй усё дазволена. І гэта надае работам дзяцей яшчэ большую эмацыянальную і індывідуальную выразнасць.
Пры рабоце з дзецьмі выцінанку можна падзяліць на два тыпы (паводле характару яе выкарыстання на занятках): выяўленчую і прыкладную.
Выяўленчая можа быць саамстойнай работай, адлюстроўваць пэўны прадмет, чалавека, архітэктуру, жывёлу.
Прыкладная выцінанка выкарыстоўваецца як частка падзелкі, упрагожвання прадмета, аздаблення малюнку, альбо іншай дзіцячай работы. Так, напрыклад, вузенькай палоскай карункаў можна аформіць бацік, альбо ператварыць паперу ў марозны малюнак на акне. Пры гэтым паміж двума тыпамі неабавязкова праводзіць мяжу. Яны могуць дапаўняць адзін аднаго, а ў кожным з іх можа змяшчацца другі.
Але ёсць і асаблівасці паміж імі. Сімвалізм – адна з найбольш важкіх асаблівасцяў дзіцячага малюнку – у першым (выяўленчым) тыпе праяўляецца ў канчатковай мэце, а ў другім (прыкладным) – у працэсе самой работы. Тут трэба дадаць яшчэ і тое, што для другога больш характэрна выкарыстанне розных матэрыялаў (хаця і выяўленчая не выклікае нетрадыцыйнага іх спалучэння).

Так ці інакш, але дзіця напаўняе сэнсам сваю работу, якая б яна не была. Тэхналогія выкарыстання, паслядоўнасць пераўтвараюцца ў сюжэт казкі, або апавяданне. І калі змяняецца дзеянне ў казцы, можа змяніцца і кампазіцыя, а іншы раз нават і сам твор.

Дасціпнасць і лёгкасць у выкананні робяць выцінанку зручнай ў выкарыстанні пры рабоце з дзецьмі. Яна пашырае і паглыбляе сутыкненне і ўзаемаадносіны дзіцяці з сусветам. Менавіта выцінанка з’яўляецца адным з першых відаў мастацтва, праз які можна прывіць дзіцяці павагу да традыцый. Праз яе знаёміць з культурай і іншымі відамі беларускага рамяства: ткацтвам, вышыўкай, народнымі строямі, ганчарствам, разьбой па дрэве.
У рабоце гуртам вельмі цікавай выглядае работа “Мы складаем посцілку”. Добрым прыкладам пры вывучэнні архітэктуры Беларусі можа быць выстрыганне Гродзенскай Барысаглебскай царквы ХІІ ст. (Каложы). Нескладаную па сваім архітэктурным формам і ўпрыгожаную маёлікай, яе проста адлюстраваць у паперы нават самаму маленькаму дзіцяці, які толькі навучыўся трымаць у руках нажніцы.
Сурвэткі, карункі, каляровыя разеткі на сцены, выстрыганыя фіранкі на вокны, зробленыя ўласнымі рукамі дапамагаюць дзіцяці адчуць асабістую каштоўнасць. Дзіця бачыць, як яно ствварае прыгажосць.
Так праз далучэнне да народнага мастацтва, а ў дадзеным выпадку да аднаго з яго відаў – выцінанкі – мы далучаем дзяцей да сімвалічнага вопыту чалавецтва.



Паводле выступлення
на рэспубліканскім семінары
па праблемам выцінанкі,
што адбыўся ў 2001г.
ў г. Маладзечна Мінскай вобласці.


Да старонкі "Некаторыя думкі"
На галоўную
Гасцёўня



Хостинг от uCoz