АРХЕТЫПЫ ПАГАНСКАГА СВЕТАЎСПРЫМАННЯ Ў БЕЛАРУСКІМ НАРОДНЫМ ДЭКАРАТЫЎНА-УЖЫТКОВЫМ МАСТАЦТВЕ.  

Вывучаць сучасны стан беларускай культуры немагчыма не разгледзіўшы старажытнасць як фактар, уплываючы на культурны фон цяперашняй Беларусі. Самым старажытным і самым грунтоўным культурным пластом з’яўляецца паганства. Наколькі яно збераглося? У якім выглядзе дайшло да нашага часу? Якое месца займае сёння? Каб адказаць на гэтыя пытанні трэба паглыбіцца ў першабытны паганскі сусвет нашых продкаў. Спасцігнуць, зразумець светаўспрыманне дзядоў можна праз тыя формы культуры, якія данеслі да нас гэта светаўспрыманне, хаця і ў зашыфраванай форме, перш-наперш,праз народнае мастацтва.

Такім чынам, асноўная мэта маёй работы – гэта высвятленне таго, як адлюстравалася паганскае светаўспрыманне ў выяўленчых сімвалах народнага мастацтва, дайшоўшага да нашых дзён. Для дасягнення гэтай мэты неабходна было вырашыць наступныя задачы: па-першае, сабраць матэрыялы, прысвечаныя беларускаму народнаму мастацтву; па-другое, правесці семіятычны аналіз характэрных яму тыпаў кампазіцыі, а таксама выяўленчых вобразаў і сімвалаў, па-трэццяе, вызначыць месца паганскага светаўспрымання ў народным дэкаратыўна-ужытковым мастацтве. Аб’ектам маёй ўвагі з’яўляецца беларускае дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва, яго выяўленчыя вобразы і сімвалы, а прадметам даследавання – архетыпы паганскага светаўспрымання ў свеце традыцыйных народных уяўленняў. Асноўны метад даследавання – семіятычны падыход.

Знакавае мастацтва моцнае па сваёй энэргетыцы. У аснове яго ляжаць старажытныя магічныя сімвалы, якія з цягам часу ператварыліся ў арнамент. Працуючы над стварэннем сваіх уласных мастацкіх работ, я не адзін раз задумвалася над першапачатковым сэнсам іх вобразаў і абстрактных выяваў. Паступова вывучаючы літаратуру, звязаную з даследаваннем народнага мастацтва і яго семіятычным асэнсаваннем, я прыйшла да некаторых высноваў. У беларускім народным дэкаратыўным мастацтве звычайна выкарыстоўваюцца тры віды сіметрыі: радыяльная, рапортная (лінейная), і люстраная.

Звернемся да радыяльнай сіметрыі. Найбольш часта яна сустракаецца ў выцінанцы (разеткі), разьбе па дрэве(дэкоры франтонаў (1, ст. 52-53), аздабленне прасніц (1, ст. 66-71; 2, ст. 38, мал. 101)), кавальстве (крыжы (1, ст. 144-145)), вязанні кручком, а таксама гэта шматлікія дэкаратыўныя элементы ткацтва і вышыўкі. Прыклады радыяльных кампазіцый сустракаюцца ў розных культурах. У архаічным мастацтве яна прымае ўніверсальную форму мандалы, якая ўвасабляе першабытную мадэль сусвету.

Наступны від – сіметрыя рапортная (альбо лінейная), асноўная для ручнікоў, дываноў, паясоў, карункаў (2, ст. 120-121, 132, 141, 153). Яна адлюстоўвае паступовы рух, увасабляе цыклічнасць, характэрную для міфалагічнага мыслення.

Люстраная сіметрыя, якую можна ўбачыць на вырабах, інкрусціраваных саломкай (1, ст. 185), на маляваных куфрах і дыванах (1, ст. 215, 221, 226-231), у тэматычнай выцінанцы (1, ст. 201-204), узорах вышыўкі і ткацтва, ярка паказвае тып калектыўнай свядомасці першабытных людзей, дзе свет успымаўся дуалістычна: мужчына – жанчына, месяц – сонца, левае – првае. Але ў святле ёсць цемра, а ў цемры – святло, як падобныя мужчыня і жанчына, таму падобныя адзін да аднаго левы і правы бакі.

Так праз “гульню” з сіметрыяй чалавек падключаецца да сусветных законаў быцця. Але ж не толькі гэтыя прыёмы увасабляюць рысы міфалагічнага мыслення нашых продкаў.

Згадаем першабытны міф аб стварэнні сусвету: яйка раскалолася на дзьве часткі, верхняя стала небам, ніжняя – зямлёй (магла быць яшчэ і трэццяя, якая ператварылася ў наземны свет). А цяпер паглядзім на беларускія пісанкі (1, ст. 213). Малюнкам яны падзяляюцца на дзьве, тры, чатыры (бакі свету), альбо восем частак. Ці не адлюстраванне гэта старажытнага міфу?

У Вербную нядзелю традыцыйна ўпрыгожваюць кветкамі і каласкамі галінкі вярбы. Народныя майстры ствараюць цэлыя кампазіцыі велікодных вербаў, якія яшчэ носяць назву “рушчоўкі” (1, ст. 163, 177). Рушчоўка падзелена на ярусы. Гэта – паганскі вобраз сусветнага дрэва, як і выява вазона ў вышыўцы і ткацтве. Такі малюнак сустракаецца ў тэматычнаў выцінанцы і называецца “Дрэва жыцця”. На зямлі каля такога дрэва маглі стаяць звяры або пеўні (і тыя і другія з’яўляюцца атрыбутамі падземнага бога), а ў галінах – сонца (разетка), птушкі, кветкі (усё – атрыбуты нябеснай багіні). Вось вам і паганскае ўспрыманне сістэмы міру.

Можна было б больш дэтальна і падрабязна разгледзіць схематычныя малюнкі і знакі на ўзорах народнага мастацтва, глыбей раскраць іх сэнс, але гэта патрабуе больш аб’ёмнай работы.


Літаратура:
1. Я. Н. Сахута. Народнае мастацтва Беларусі. Мн. 1997.
2. М. С. Кацар. Беларускі арнамент. Мн. 1996.
3. Н. Л. Чарвонцава. Мадэль гармоніі. Выцінанка як з’ява духоўнай культуры беларусаў. Мастацтва. №7, 2000 г.
4. А. Голан. Миф и символ. М. И. 1994.


Паводле выступлення
на VIII Рэспубліканскай студэнцкай
навукова-практычнай канферэнцыі
"Студэнцкая навука на парозе III тысячагоддзя"
18-19 красавіка 2001г.
г. Мозыр, Гомельскай вобл.


Да старонкі "Некаторыя думкі"
На галоўную
Гасцёўня



Хостинг от uCoz